Skip to content

Кніга Паўторанага Закону Раздзел 28

1 Дык калі будзеш ты слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб спаўняць і берагчы ўсе загады Яго, якія я загадваю табе сёння, то Госпад, Бог твой, зробіць цябе вышэйшым за ўсе народы, якія пражываюць на зямлі, 2 і сыдуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенні, і споўняцца на табе, калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго. 3 Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі.

4 Дабраславёны плод улоння твайго, і плод зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прыплод валоў тваіх, і прырост авечак тваіх. 5 Дабраславёны кош твой і жорны твае. 6 Дабраславёны ты пры ўваходзе і дабраславёны пры выхадзе. 7 Дасць Госпад, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адной дарогай яны пойдуць супраць цябе, а сямю шляхамі ўцякуць ад аблічча твайго. 8 Спашле Госпад дабраславенне на свірны твае і на ўсякую працу рук тваіх; і будзе дабраслаўляць цябе зямля, якую дасць табе Госпад, Бог твой.

9 І паставіць цябе Госпад перад Сабою як народ святы, як прысягнуў табе, калі будзеш берагчы прыказанні Госпада, Бога твайго, і хадзіць дарогамі Яго.10 І ўбачаць усе народы земляў, што імя Госпада прызывана на табе, і будуць баяцца цябе.11 І дасць табе Госпад дастатак ва ўсіх даброццях; і плод улонню твайму, і прыплод жывёле тваёй, плён зямлі тваёй, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, што дасць табе.

12 Адкрые табе Госпад скарб Свой найдаражэйшы, неба, каб даць у свой час дажджы зямлі тваёй і дабраславіць усе справы рук тваіх; і будзеш ты пазычаць многім народам, а сам ні ад каго не возьмеш пазыкі. 13 І зробіць цябе Госпад галавою, а не хвастом, і будзеш ты заўсёды наверсе, а не ўнізе, калі будзеш слухаць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія сёння я загадваю табе, а ты захоўвай і спаўняй, 14 і не адступай ад слоў, якія я загадваю вам сёння, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не пакланяйся ім.

15 А калі не захочаш слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб берагчы і выконваць усе прыказанні Яго і загады, якія я сёння загадваю табе, то прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і апануюць цябе.16 Пракляты ты ў горадзе і пракляты на полі. 17 Пракляты кош твой і жорны твае. 18 Пракляты плод улоння твайго, і плён зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прырост авечак тваіх. 19 Пракляты ты пры ўваходзе і пры выхадзе.

20 Пакарае цябе Госпад праклёнам, і трывогай, і няшчасцем ва ўсіх працах тваіх, што будзеш рабіць, пакуль не знішчыць цябе і не пагубіць хутка дзеля найгоршых задумак тваіх, дзеля якіх пакінуў ты Мяне. 21 Прычэпіць да цябе Госпад пошасць, пакуль не выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ўвойдзеш, каб атрымаць ва ўласнасць. 22 Дакранецца да цябе Госпад сухотамі і гарачкаю, трасцай, спякотаю, засухаю, палючым ветрам, іржою, і яны будуць пераследаваць цябе, пакуль ты не загінеш.

23 І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медным, а зямля, па якой крочыш, — жалезнай. 24 Зменіць Госпад дождж на зямлі тваёй у пыл, а з неба будзе падаць на цябе попел, пакуль ты не будзеш знішчаны. 25 І аддасць цябе Госпад на паразу перад ворагам тваім; адной дарогай будзеш ісці на іх, а сямю дарогамі будзеце вы ўцякаць, і станеш ты страхоццем для ўсіх царстваў зямлі.

26 Труп твой будзе пажываю ўсім птушкам нябесным і звярам зямным, і ніхто не будзе адганяць іх. 27 Дакранецца да цябе Госпад праказай егіпецкай і балячкамі, а таксама каростаю і скуламі, і не зможаш вылечыць іх. 28 Пакарае цябе Госпад вар’яцтвам, і слепатою, і неспакоем сэрца. 29 У поўдзень будзеш хадзіць навобмацак, як сляпы звычайна навобмацак ходзіць у поцемках, і не выпрастаеш шляхоў сваіх. Увесь час будзеш прыгнечаны і рабаваны, і не будзеш мець таго, хто б вызваліў цябе.

30 Заручышся з жонкай, а другі будзе спаць з ёй. Будзеш будаваць дом, але не будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не збярэш пладоў яго. 31 Вол твой будзе забіты на вачах у цябе, і не пакаштуеш яго. Асёл твой будзе забраны перад абліччам тваім і не вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і не будзе каму дапамагчы табе.

32 Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу на вачах тваіх, і ўвесь дзень будзеш, плачучы, выглядаць іх дарма, і не будзе сілы ў руках тваіх. 33 Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю з’есць народ, якога не ведаеш, і будзеш ты заўсёды прыгнечаны і разбіты ва ўсіх днях. 34 І звар’яцееш, бачачы тое, што пабачаць вочы твае. 35 Дакранецца да цябе Госпад балючымі нарывамі на каленях і нагах, і не зможаш вылечыцца ад стопаў ног аж да макушкі тваёй. 36 Цябе і цара твайго, якога паставіш над сабою, завядзе Госпад да народа, якога не ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і каменю, 37  і будзеш страхоццем, і прыказкай, і пасмяяннем для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе Госпад. 38 Насення многа кінеш у зямлю, а збярэш мала, бо саранча паесць усё.

39 Вінаграднікі пасадзіш і будзеш даглядаць, а віна піць не будзеш, ды нічога з іх не збярэш, бо будуць паедзены чарвякамі. 40 Аліўкі будзеш мець на ўсіх межах сваіх, але не выціснеш алею, бо змарнеюць і прападуць. 41 Народзіш сыноў і дачок, але не пацешышся з іх, бо павядуць іх у няволю. 42 Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паесць саранча. 43 Чужынец, які жыве з табой на зямлі, падымецца па-над табой і стане вышэйшым, а ты сыдзеш і будзеш нізкім. 44 Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом. 45 І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і будуць цябе пераследаваць і здзекавацца з цябе, пакуль не прападзеш, бо не слухаў ты Госпада, Бога твайго, і не выконваў прыказанняў Яго і загадаў, якія Ён загадаў табе.

46 І будуць яны знакамі і адзнакамі на табе і на нашчадках тваіх навек. 47 За тое, што ты не служыў Госпаду, Богу твайму, з весялосцю і радасцю сэрца дзеля дастатку ва ўсіх рэчах, 48 будзеш служыць ворагу твайму, якога Госпад навядзе на цябе, у голадзе і смазе, у галечы і нястачы ўсяго, і ён павесіць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль не вынішчыць цябе. 49 Навядзе на цябе Госпад народ з далечыні ды з крайніх межаў зямлі на падабенства арла, які ляціць імкліва, мовы якога зразумець ты не зможаш: 50 народ вельмі нахабны, які не ўшануе старога і не пашкадуе дзіцяці.

51 І ён зжарэ плод тваёй жывёлы і плады зямлі тваёй, пакуль ты не загінеш; і не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду жывёлы і прыросту авечак, пакуль цябе не знішчыць. 52 І возьме ён у аблогу цябе ва ўсіх гарадах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты ўскладаў надзею, ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ва ўсіх брамах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую дасць табе Госпад, Бог твой,

53 і будзеш ты есці плод улоння твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе Госпад, Бог твой, у аблозе ды ў бядзе, якімі прыцісне цябе вораг твой. 54 У цябе чалавек чуллівы і вельмі далікатны будзе ненавідзець брата свайго і жонку, якая туліцца да пляча яго, і апошніх дзяцей сваіх, якіх ён захаваў, 55 каб не даць ніводнаму з іх целы сыноў сваіх, якіх будзе есці, бо ён не будзе ўжо больш нічога мець у аблозе і бядзе, якімі вораг твой прыцісне цябе ва ўсіх брамах тваіх. 56 Жанчына ў цябе, вельмі чуллівая і далікатная, якая не спрабавала нават пакінуць следу ад нагі на зямлі дзеля надзвычайнай далікатнасці і распешчанасці, цяпер ліхім вокам гляне на мужа, які туліць яе да пляча свайго, на сына і дачку,

57 і не дасць ім ложышча, якое выйшла з яе жаночага ўлоння, і дзяцей, якія нарадзіліся ў тую гадзіну; бо есці іх будзе таемна дзеля нястачы ўсяго ў час аблогі і гора, якімі прыцісне цябе вораг твой у брамах тваіх. 58 Калі не будзеш берагчы і выконваць усіх слоў гэтага закону, якія напісаны ў гэтым скрутку, і не будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя Госпада, Бога твайго, 59 то многа больш павялічыць Госпад плягі твае і плягі на нашчадкаў тваіх, і плягі цяжкія і доўгатрывалыя, хваробы найцяжэйшыя і невылечныя, 60 і навядзе на цябе ўсе плягі егіпецкія, якіх ты баяўся, і нахлынуць яны на цябе.

61 І ўсе хваробы і плягі, якія не запісаны ў скрутку гэтага закону, напусціць Госпад на цябе, пакуль цябе не выгубіць. 62 І застанецеся вы ў малой лічбе, вы, што раней былі, як зоркі на небе, у колькасці сваёй, бо не слухаў ты голасу Госпада, Бога твайго. 63 Як перад тым цешыўся Госпад з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца з вас, нішчачы вас і вывяргаючы, каб не стала вас на зямлі, у якую вы ўваходзіце, каб завалодаць. 64 Госпад расцярушыць цябе сярод усіх народаў, ад пачатку зямлі да яе крайніх межаў, і там будзеш ты служыць чужым багам, якіх не ведаў ты і бацькі твае, дрэвам і каменям. 65 І не будзеш ты мець супакою сярод гэтых народаў, стапе тваёй нагі не будзе супакою; і дасць там табе Госпад сэрца баязлівае, вочы заплаканыя і душу, апанаваную тугою.

66 Жыццё тваё будзе быццам бы вісець перад табою; будзеш баяцца ноччу і днём, і не будзеш упэўнены ў жыцці сваім. 67 Раніцай ты скажаш: “О! Калі б звечарэла!”, а ўвечары: “О! калі б развіднела!” — дзеля страху сэрца свайго, якім будзеш апанаваны, і дзеля ўсяго таго, што ўбачыш сваімі вачамі. 68 І верне Госпад у Егіпет на караблях тою дарогаю, пра якую я сказаў табе, што яе больш не пабачыш; там будзеце вы прададзены ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, ды не будзе каму купляць».

Кніга Паўторанага Закону Раздзел 29

1 Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею, каб заключыў з сынамі Ізраэля ў зямлі Мааба, апрача запавету, які заключыў з імі на Гарэбе. 2 І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Егіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону, і ўсім паслугачам яго, і ўсёй зямлі яго, 3 тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашы, тыя знакі і цуды вялізныя, 4 ды не даў вам Госпад сэрца, што разумее, ды вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія маглі б чуць, аж да сённяшняга дня.

5 І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; не сцёрлася адзенне ваша, сандалі на нагах вашых ад старасці не знасіліся. 6 Хлеба вы не елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі што Я — Госпад, Бог ваш. 7 І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сэгон, цар Хесебона, і Ог, цар Басана, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі. 8 І забралі мы іх зямлю, і аддалі яе ва ўласнасць пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы. 9 Дык беражыце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы поспех ва ўсім, што робіце.10 Вы стаіце сёння ўсе ў прысутнасці Госпада, Бога вашага; князі вашы, кіраўнікі пакаленняў вашых, старэйшыны вашы, суддзі, таксама кожны ізраэлец,

11 дзеці і жонкі вашы, і чужаземец твой, які з табой прабывае ў лагеры, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, якія чэрпаюць ваду тваю, 12 каб увайшоў ты, прычым пад прысягай, у запавет Госпада, Бога твайго, які сёння Госпад, Бог твой, заключыў з табою,13 каб зрабіць цябе сёння Сваім народам і каб Ён быў тваім Богам, як сказаў табе і як прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу. 14 Не толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацвярджаю гэтай прысягай,

15 але з усімі тут прысутнымі разам з намі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёння тут з намі няма. 16 Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі. 17 Бачылі вы брыдоты і ідалаў іх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якім яны пакланяліся.18 Хай не будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакалення, якога сэрца было б сёння адвернута ад Госпада, Бога вашага, каб ісці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.

19 Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасці сэрца свайго,” — той сцягвае загубу на зямлю як абводненую, так і сухую. 20 Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Яго і лютасць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, якія запісаны ў гэтым скрутку, і вынішчыць Госпад імя яго з-пад неба, 21 і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, што запісаны ў гэтай кнізе закону.

22 Тады будучыя пакаленні, сыны вашы, якія народзяцца пасля вас, і прыхадні, якія прыбудуць здалёк, убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яе Госпад, і скажуць: 23 “Серка, і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што не будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасля загубы Садома і Гаморы, Адамы і Себаіма, якія Госпад знішчыў у гневе Сваім і раз’ятранасці”. 24 Тады скажуць усе народы: “Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такая бязмежная раз’ятранасць гневу?”

25 І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, 26 і служылі яны багам чужым, і пакланяліся ім, тым, якіх не ведалі і якія не былі ім прызначаны, 27 таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, якія ў гэтым скрутку запісаны. 28 І выгнаў Ён іх з зямлі іх у гневе, раз’ятранасці і абурэнні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта сёння было пацверджана”». 29 Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага закону.

Кніга Паўторанага Закону Раздзел 30

1 «Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы, дабраславенне і праклён, якія я абвясціў перад абліччам тваім, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, па якіх раскідаў цябе Госпад, Бог твой, 2 і вернешся да Яго, і будзеш слухацца Яго волі ва ўсім, што я сёння табе загадваю, разам з сынамі тваімі, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй, 3 тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю, і пашкадуе цябе, і зноў збярэ цябе з усіх народаў, сярод якіх цябе перад тым расцярушыў.

4 Хоць бы ты быў расцярушаны аж да краёў неба, і нават адтуль сцягне і забярэ цябе Госпад, Бог твой, 5 і ўвядзе ў зямлю, якой валодалі бацькі твае, і атрымаеш яе, і зробіць Ён цябе шчаслівейшым і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх. 6 Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца нашчадкаў тваіх, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб мог ты жыць.

7 А ўсе гэтыя праклёны зверне Ён на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і пераследуюць. 8 Ты, вось, навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказанні, якія я загадваю табе сёння; 9 і Госпад, Бог твой, дасць табе вялікі поспех ва ўсіх справах рук тваіх, у пладах улоння твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ва ўрадлівасці зямлі тваёй, у дастатку ўсіх рэчаў. Бо навернецца Госпад, каб цешыцца з цябе ва ўсіх дабротах, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,

10 калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Яго і прыказанні, якія запісаны ў гэтым законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй. 11 Загад гэты, які я табе сёння даю, не ёсць па-над табою і не занадта далёкі. 12 Не ў небе ён змешчаны, каб мог ты сказаць: “Хто з нас здолее ўзысці ў неба, каб ён спусціўся да нас, каб маглі мы пачуць і выканаць?” 13 І не за морам ён знаходзіцца, каб ты скардзіўся і гаварыў: “Хто з нас можа пераплысці мора і прынесці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?”

14 Але ж слова блізка каля цябе, яно проста ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць. 15 Глядзі, я прапаную табе сёння перад абліччам тваім жыццё і шчасце, і наадварот — смерць і няшчасце.16 Калі будзеш выконваць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёння, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго шляхамі, і сцярог Яго загады, і прыказанні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, у якую ідзеш, каб атрымаць яе ва ўласнасць.

17 А калі адвернецца сэрца тваё, і не захочаш слухаць, і, аблудаю зведзены, паклонішся багам чужым і будзеш ім служыць,18 то я прадказваю вам сёння, што прападзеце і за кароткі час пагінеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, вы ўвойдзеце, каб атрымаць ва ўласнасць. 19 За сведкаў перад вамі клічу сёння неба і зямлю, што прапаную вам жыццё і смерць, дабраславенне і праклён. Дык выбірай жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае,

20 і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, бо Ён жыццё тваё і даўгавечнасць дзён тваіх, каб жыў ты на зямлі, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасць ім яе».