Skip to content

Кніга Роду Раздзел 27:41 – 46

41 Дык зненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславення, якім дабраславіў яго бацька, і сказаў у сваім сэрцы: «Калі пройдуць дні жалобы па бацьку маім, заб’ю Якуба, брата свайго». 42 Калі Рэбэцы паведамілі пра тое, што казаў Эзаў, старэйшы сын яе, паслала яна паклікаць Якуба, сына свайго малодшага, і сказала яму: «Вось, Эзаў, брат твой, пагражае забіць цябе.

43 Дык вось, сыне мой, паслухай, што я скажу, і, рана ўстаўшы, уцякай да Лабана, брата майго, у Харан. 44 Пажывеш з ім нейкі час, пакуль не суцішыцца абурэнне брата твайго,45 а калі праміне абурэнне яго, ён забудзе пра тое, што ты зрабіў яму. Потым я пашлю і забяру цябе адтуль сюды. Нашто мне ў адзін дзень губляць аднаго і другога сына?» 46 І сказала Рэбэка Ізааку: «Не мілае мне жыццё праз дачок Хета. Калі Якуб возьме сабе жонку з дачок Хета, як і з дачок гэтай зямлі, то няма чаго мне жыць!»

Кніга Роду Раздзел 28: 1 – 5

1 Тады паклікаў Ізаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, кажучы: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаана. 2 Устань, ідзі ў Падан-Арам, да сям’і Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе там за жонку адну з дачок Лабана, дзядзькі твайго.

3 А Бог Усемагутны хай цябе дабраславіць і зробіць цябе плодным, і дасць табе шматлікіх нашчадкаў, каб стаўся ты мноствам народаў. 4 І хай дасць Ён табе дабраславенні Абрагама табе і патомству твайму разам, каб валодаў ты зямлёю вандравання твайго, якую паабяцаў Бог дзеду твайму».

5 І выправіў Ізаак яго ў дарогу, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лабана, сына Бэтуэля, арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.