Skip to content

Кніга Роду Раздзел 1 – 2

Кніга Роду Раздзел 1

1 Спачатку стварыў Бог неба і зямлю. 2 Зямля была пустая і неабжытая; і цемра над абліччам бяздоння, і Дух Божы ўзносіўся над водамі. 3 І сказаў Бог: «Хай станецца святло!» І сталася святло. 4 І бачыў Бог, што святло было добрае, і раздзяліў Бог святло і цемру. 5 І назваў Бог святло днём, а цемру — ноччу. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень першы.

6  Потым сказаў Бог: «Хай станецца цвярдыня сярод водаў і хай аддзеліць воды ад водаў». 7 І зрабіў Бог цвярдыню, і аддзяліў воды, якія былі пад цвярдыняй, ад тых, якія былі над цвярдыняй. І сталася гэтак. 8 І назваў Бог цвярдыню небам. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень другі. 9 Сказаў зноў Бог: «Хай збяруцца воды, якія пад небам, у адно месца, і хай з’явіцца сухмень». І сталася гэтак.

10 І назваў Бог сухмень зямлёю, а сабранне водаў назваў морамі. І бачыў Бог, што гэта добра. 11 Дык сказаў Бог: «Хай родзіць зямля зелень, і траву, што дае насенне, і дрэва пладаноснае, што дае плод па гатунку сваім, насенне якога — у сабе [самім] на зямлі». І сталася гэтак. 12 І выдала зямля траву зялёную і траву, якая прыносіць насенне па гатунку сваім, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насенне паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што гэта добра.

13 І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень трэці. 14 Потым сказаў Бог: «Хай з’явяцца свяцілы на цвярдыні неба, каб аддзялялі дзень ад ночы, і хай будуць на знакі часоў, і дзён, і гадоў, 15 каб свяцілі на цвярдыні неба і асвятлялі зямлю». І сталася гэтак. 16 І стварыў Бог два свяцілы велізарныя: свяціла большае, каб валадарыла над днём, і свяціла меншае, каб валадарыла над ноччу, і зоркі. 17 І размясціў іх Бог на цвярдыні неба, каб свяцілі яны на зямлю,

18 і валадарылі над днём і ноччу, і аддзялялі святло ад цемры. І бачыў Бог, што гэта добра. 19 І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень чацвёрты. 20 Сказаў таксама Бог: «Хай народзяць воды паўзуноў, жывыя істоты, і птушкі хай лётаюць над зямлёй пад цвярдыняй неба». 21 І стварыў Бог вялізных марскіх жывёл і ўсялякую істоту жывую і рухавую, якую нараджаюць воды, паводле гатункаў сваіх, і ўсялякіх птушак паводле роду свайго. І бачыў Бог, што гэта добра. 22 І дабраславіў іх Бог, кажучы: «Расціце і размнажайцеся, і запаўняйце воды мора, а птушкі хай размнажаюцца над зямлёю».

23 І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень пяты. 24 Сказаў таксама Бог: «Хай выдасць зямля жывую істоту ў родзе сваім: жывёл, і паўзуноў, і звяроў зямных паводле гатункаў сваіх». І сталася гэтак. 25 І стварыў Бог звяроў зямных па гатунках сваіх, і жывёлу паводле гатункаў сваіх, і ўсякіх паўзуноў зямных у родзе сваім. І бачыў Бог, што гэта добра.

26 Дык сказаў Бог: «Учыньма чалавека на вобраз і падобнасць Нашу; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, і звярамі, і над усёй зямлёй і над усякім паўзуном, які рухаецца па зямлі». 27  І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго: мужчынам і жанчынай стварыў іх. 28 І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: «Расціце і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і валадарце над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі».

29 Потым сказаў Бог: «Вось, Я даў вам усякую траву, што дае насенне па ўсёй зямлі, і ўсялякія дрэвы, што маюць у сабе плод дрэва, што прыносіць насенне, каб былі вам на ежу. 30 І ўсім жывунам на зямлі, усякай птушцы паднебнай, ды ўсім, што рухаюцца па зямлі і ў якіх ёсць жывая існасць, Я даў усякую траву зялёную на ежу». І сталася гэтак. 31 І бачыў Бог усё, што стварыў, і вось, было яно вельмі добрае. І мінуў вечар, і мінула раніца — дзень шосты.

Кніга Роду Раздзел 2

1 Такім чынам былі закончаны нябёсы і зямля, і ўсё воінства іх. 2 У сёмы дзень скончыў Бог тварэнне Сваё, што ўчыніў, і ў дзень сёмы супачыў ад усякага тварэння, што выканаў. 3 І дабраславіў Бог дзень сёмы і ўсвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усякай працы Сваёй, якую зрабіў Бог, творачы. 4 Такое вось паходжанне неба і зямлі, калі былі яны створаны. У дзень, калі Госпад Бог стварыў зямлю і неба,

5 не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, аніводнай палявой траўкі не ўзышло, бо Госпад Бог не спасылаў дажджу на зямлю ды не было чалавека, які б абрабляў глебу, 6 але пара ўздымалася ад зямлі, арашаючы ўсю паверхню зямлі. 7 Тады стварыў Госпад Бог чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры яго подых жыцця, і чалавек стаўся жывою душою. 8 І насадзіў Госпад Бог рай у Эдэне, на ўсходзе, у якім памясціў чалавека, якога ўфармаваў. 9 І вырасціў Госпад Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на від і салодкае для ежы, таксама дрэва жыцця ў сярэдзіне раю і дрэва пазнання дабра і зла.

10 І рака выцякала з Эдэна для абваднення раю, якая адтуль раздзяляецца на чатыры ракі. 11 Назва адной Пішон. Яна тая, што акружае ўсю зямлю Хавіла, дзе знаходзіцца золата. 12 А золата той зямлі найлепшае, там знаходзяць бдалах і онікс. 13 А назва другой ракі Гіхон; яна тая, што акружае ўсю зямлю Куш.

14 Назва ж трэцяй ракі Тыгр: цячэ яна на ўсход Асірыі, чацвёртая рака — Эўфрат. 15 Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясціў яго ў садзе ў Эдэне, каб рупіўся пра яго і сцярог яго. 16 І загадаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: «З кожнага райскага дрэва еж, 17 а з дрэва пазнання дабра і зла не еж! Бо ў які-колечы дзень будзеш есці з яго — смерцю памрэш».

18 Таксама сказаў Госпад Бог: «Не добра быць чалавеку аднаму: зробім яму памочніка, падобнага да яго». 19 І стварыў Госпад Бог з зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх; і як чалавек назваў кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласцівае. 20 І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсіх жывёл, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх звяроў палявых. Аднак чалавеку не знаходзіўся памочнік, падобны да яго.

21 Дык наслаў Госпад Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, выняў адну з яго рабрын, і запоўніў целам замест яе. 22 А з рабрыны, якую выняў з чалавека, Госпад Бог стварыў жанчыну і прывёў яе да чалавека. 23 І сказаў чалавек: «Гэта цяпер косць з касцей маіх ды цела з цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята яна ад мужа».

24 Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёй; і будуць адным целам. 25І былі абодва голыя, чалавек, значыць, і жонка яго, але не адчувалі сораму.