Евангелле паводле Яна Раздзел 13
1 А перад днём свята Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла гадзіна Яго, каб адысці з гэтага свету да Айца, бо, узлюбіўшы Сваіх, што былі ў свеце, да канца іх узлюбіў. 2 І ў час вячэры, калі д’ябал ужо ўклаў у сэрца Юды Сімонава Іскарыёта, каб выдаў Яго, 3 Ён, ведаючы, што Айцец аддаў усё ў рукі Яго, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,
4 падняўся ад вячэры, і скінуў Сваё адзенне, і, узяўшы ручнік, падперазаўся. 5 Затым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны. 6 Гэтак падыходзіць да Сімона Пётры. Той кажа Яму: «Госпадзе, Ты мне будзеш мыць ногі?» 7 І адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш».
8 Кажа Яму Пётра: «Увек не будзеш мне мыць ног». Адказаў яму Ісус: «Калі Я цябе не абмыю, не будзеш мець удзелу са Мной». 9 Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, не толькі ногі мае, але і рукі, і галаву».10 Кажа яму Ісус: «Хто памыты, не патрабуе нічога, як толькі ногі памыць, бо ўвесь чысты; вы таксама чыстыя, але не ўсе». 11 Бо ведаў, кім быў той, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
12 Пасля таго, як памыў ногі іх і апрануў адзенне Сваё, ізноў, узлёгшы пры стале, сказаў ім: «Ці разумееце, што Я вам зрабіў? 13 Вы клічаце Мяне: “Настаўнік” і “Госпад”, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. 14 Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вашы ногі, дык і вы павінны адзін аднаму мыць ногі. 15 Вось жа, даў вам прыклад, каб, як Я вам зрабіў, так і вы рабілі. 16 Сапраўды, сапраўды кажу вам: паслугач не большы за гаспадара свайго, і пасланец не большы за таго, хто яго паслаў.
17 Калі пра гэта ведаеце, шчасныя будзеце, калі гэтак будзеце рабіць. 18 Не аб усіх вас гавару; Я ведаю, каго выбраў, але каб споўнілася Пісанне: “Нават чалавек, з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць Мяне”. 19 Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсць.
20 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне». 21 Калі сказаў гэта Ісус, стурбаваўся Ён Духам, і засведчыў, і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне». 22 Дык вучні глядзелі адзін на аднаго, няпэўныя, аб кім казаў.
23 А адзін з вучняў Яго, той, якога Ісус любіў, узлягаў ля грудзей Ісусавых. 24 Дык кіўнуў яму Сімон Пётра, каб спытаўся: «Хто гэта, аб кім Ён кажа». 25 І ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, кажа Яму: «Госпадзе, а хто гэта?» 26 Адказвае Ісус: «Гэта той, каму Я падам умочаны хлеб». І, памачыўшы хлеб, падаў Юдзе Сімонаву Іскарыёту.
27 І па кавалку хлеба ўвайшоў у яго шатан. Дык кажа яму Ісус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй». 28 І з узлягаючых ніхто не зразумеў, да чаго Ён гэта яму сказаў. 29 Некаторыя думалі, што як Юда мае [грашовы] капшук, то Ісус кажа яму: «Купі, чаго нам трэба на свята», або каб што раздаў убогім. 30 Той, узяўшы кавалак хлеба, адразу выйшаў; а была ноч. 31 І, калі выйшаў, Ісус сказаў: «Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім; 32 калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў Сабе ды ўславіць Яго неўзабаве.
33 Сыночкі, нядоўга ўжо буду з вамі; будзеце Мяне шукаць, але, як сказаў юдэям: куды Я іду, вы прыйсці не можаце, так і вам цяпер кажу. 34 Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі. 35 Па тым пазнаюць усе, што вы – Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго». 36 Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, куды ідзеш?» Адказаў Ісус: «Куды Я іду, ты цяпер не можаш прыйсці, але потым прыйдзеш за Мною».
37 Кажа Яму Пётра: «Госпадзе, чаму я цяпер не магу пайсці за Табой? Жыццё сваё аддам за Цябе». 38 Адказвае яму Ісус: «Жыццё тваё за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: перш чым певень запяе, тры разы зрачэшся Мяне.
Евангелле паводле Яна Раздзел 14
1 Хай не трывожыцца сэрца ваша. Верце ў Бога і ў Мяне верце. 2 У доме Айца Майго жытла многа; а калі б не, сказаў бы Я вам, што іду прыгатаваць вам месца. 3 І калі адыду ды прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыму вас да Сябе, каб і вы былі там, дзе Я. 4 І куды Я іду, вы ведаеце, і дарогу ведаеце». 5 Сказаў Яму Тамаш: «Госпадзе, не ведаем, куды ідзеш; а як жа можам ведаць дарогу?»
6 Кажа яму Ісус: «Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне. 7 Калі б вы Мяне пазналі, то і Айца Майго таксама б ведалі; і адгэтуль вы ведаеце Яго і бачыце Яго». 8 Кажа Яму Піліп: «Госпадзе, пакажы нам Айца, і хопіць нам». 9 Кажа яму Ісус: «Ужо так доўга Я з вамі, і вы не пазналі Мяне, Піліп? Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца. Як жа ты кажаш: “Пакажы нам Айца”?
10 Не верыш, што Я – у Айцу, а Айцец – ува Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад Сябе Самога кажу; Айцец, Які заўсёды ўва Мне, робіць справы Свае. 11 Верце Мне, што Я – у Айцу, а Айцец – ува Мне, а як не, дык дзеля саміх учынкаў верце Мне. 12 Сапраўды, сапраўды, кажу вам: хто верыць у Мяне, той будзе рабіць справы, якія Я раблю, а нават большыя за тыя ўчыніць, бо Я іду да Айца Майго.
13 І пра што толькі прасіць будзеце ў імя Маё, зраблю гэта, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне; 14 калі Мяне аб чым прасіць будзеце ў імя Маё, Я зраблю. 15 Калі Мяне любіце, захоўвайце прыказанні Мае; 16 і Я буду прасіць Айца, і іншага Суцяшальніка дасць вам, каб заставаўся з вамі навек,
17 Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо Яго не бачыць і не ведае Яго. Вы Яго ведаеце, бо сярод вас Ён застаецца ды ў вас будзе. 18 Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. 19 Яшчэ трохі, і свет Мяне ўжо не ўбачыць; але вы Мяне ўбачыце, бо Я жыву і вы жыць будзеце. 20 Вось, у той дзень пазнаеце, што Я – у Айцу Маім, і вы – ува Мне, і Я – у вас.
21 Хто мае прыказанні Мае і беражэ іх, – гэта той, хто Мяне любіць; а хто Мяне любіць, таго любіць будзе Айцец Мой, і Я яго любіць буду, і аб’яўлю яму Сябе Самога». 22 Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе, што гэта сталася, што Ты маеш аб’явіцца нам, а не свету?» 23 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Калі хто Мяне любіць, будзе берагчы слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго;
24 хто Мяне не любіць, не беражэ слова Майго. А слова, якое чуеце, не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне, Айца. 25 Гэта вам сказаў, між вамі знаходзячыся. 26 А Суцяшальнік, Дух Святы, Якога Айцец пашле ў імя Маё, Ён вас усяму навучыць ды прыпомніць вам усё, што Я вам казаў.
27 Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; не як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца ваша, і няхай не ведае страху. 28 Чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыходжу да вас. Калі б вы Мяне любілі, сапраўды цешыліся б, што Я сказаў: “Іду да Айца”, бо Айцец Мой большы за Мяне. 29 І цяпер сказаў Я вам, перш чым сталася тое, каб, калі станецца, паверылі.
30 Шмат ужо не буду вам гаварыць, бо ідзе князь гэтага свету; і ён не мае нічога ўва Мне, 31 але, каб свет пазнаў, што Я люблю Айца ды, як Айцец Мне даў загад, так раблю. Падыміцеся, пойдземце адсюль.
Евангелле паводле Яна Раздзел 15
1 Я ёсць праўдзівая вінаградная лаза, а Айцец Мой – вінаградар. 2 Кожную галінку, якая ўва Мне не прыносіць плода, Ён адсякае, а кожную, што прыносіць плод, тую ачышчае, каб болей прыносіла плода. 3 Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам. 4 Заставайцеся ўва Мне, і Я – у вас. Як галінка не можа прыносіць плод сама з сябе, калі не застанецца на вінаграднай лазе, так і вы, калі не застанецеся ўва Мне.
5 Я – вінаградная лаза, а вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, і Я – у ім, той прыносіць многа пладоў, бо без Мяне вы не можаце нічога зрабіць. 6 Калі хто не застанецца ўва Мне, будзе адкінуты прэч, як галінка, і ссохне, і збяруць іх, і кінуць у агонь, і яны згараць. 7 Калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, пра што захочаце, прасіце, і станецца вам. 8 У гэтым уславіцца Айцец Мой, калі многа плода прынесяце ды станецеся Маімі вучнямі.
9 Як Мяне ўзлюбіў Айцец, так і Я ўзлюбіў вас; заставайцеся ў Маёй любові. 10 Калі зберажэце Мае прыказанні, застанецеся ў Маёй любові, як і Я збярог прыказанні Айца Майго і застаюся ў Яго любові. 11 Гэта Я вам сказаў, каб радасць Мая была ў вас, ды каб радасць ваша была поўнай. 12 Гэта вось Мае прыказанні, каб вы любілі адзін аднаго, як і Я ўзлюбіў вас;
13 ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў. 14 Вы – сябры Мае, калі рабіць будзеце ўсё, што Я загадваю вам. 15 Ужо Я вас не называю слугамі, бо слуга не ведае, што робіць гаспадар яго; а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што ад Айца Майго пачуў, зрабіў вядомым вам. 16 Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, ды каб ваш плод заставаўся, і каб Айцец даў вам, пра што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.
17 Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго. 18 Калі вас свет ненавідзіць, ведайце, што і Мяне зненавідзеў раней за вас. 19 Каб вы былі са свету, свет любіў бы тое, што яго; але вы не са свету, бо Я вас выбраў са свету, таму вас свет ненавідзіць. 20 Памятайце словы, якія Я вам сказаў: паслугач не большы за гаспадара свайго. Калі Мяне пераследавалі, дык і вас пераследаваць будуць; а калі вы Маё слова збераглі, дык і ваша берагчы будуць.
21 А гэта ўсё зробяць вам дзеля імя Майго, бо не ведаюць Таго, Хто Мяне паслаў. 22 Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, не мелі б граху, але цяпер не маюць апраўдання за свой грэх.
23 Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго. 24Калі б не рабіў спраў сярод іх, якіх не рабіў ніхто іншы, не мелі б граху; але ж цяпер і бачылі, і зненавідзелі Мяне і Айца Майго. 25 Але, каб споўнілася слова, якое запісана ў іх законе: “Зненавідзелі Мяне без прычыны”. 26 А калі прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я вам пашлю ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца паходзіць, Ён пра Мяне сведчыць будзе; 27 але і вы таксама сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.