Аўтарытэт Ісуса пад сумневам
Евангелле паводле Мацвея Раздзел 21:23 – 46
23 І, калі Ісус увайшоў у святыню, падышлі да Яго, калі Ён вучыў, першасвятары і старэйшыны народа і казалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто Табе даў такую ўладу?» 24 І Ісус, адказваючы, сказаў ім: «І Я задам вам адно пытанне, і, калі вы адкажаце Мне, то і Я адкажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю: 25 хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?» А яны разважалі паміж сабой, кажучы: «Калі мы скажам: “З неба”, Ён скажа: “Дык чаму вы не паверылі яму?”
26 А калі мы скажам: “Ад людзей”, баімся натоўпа, бо ўсе Яна лічаць прарокам». 27 І, адказваючы, яны сказалі Ісусу: «Не ведаем», а Ён сказаў: «Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю. 28 А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў: “Сыне, ідзі папрацуй сёння ў маім вінаградніку”. 29 А ён, адказваючы, гаворыць: “Не хачу”. А потым, узрушаны навяртаннем, выйшаў і пайшоў.
30 Звяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, гаворыць: “Іду, гаспадару”, – але не пайшоў. 31 Хто з дваіх выканаў волю бацькі?» Яны кажуць: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам: наперадзе вас мытнікі і распусніцы ідуць у Валадарства Божае. 32 Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусніцы паверылі яму. Вы, аднак, бачачы гэта, нават потым не навярнуліся, каб яму паверыць.
33 Паслухайце іншую прыпавесць. Быў чалавек гаспадар дому, які насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў у яго вінаградараў, і аддаліўся. 34 А калі надышоў час пладоў, паслаў ён паслугачоў сваіх да вінаградараў, каб яны забралі яго плады.
35 А вінаградары, схапіўшы паслугачоў яго, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі. 36 Ізноў паслаў Ён іншых паслугачоў, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна. 37 Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромяцца сына майго”. 38 Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі адзін аднаму: “Гэта спадкаемец. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем яго спадчынаю”. 39 І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.
40 Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніку, што ён зробіць тым вінаградарам?» 41 Яны гавораць Яму: «Ліхіх ён сурова заб’е, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць плод у вызначаны час». 42 Кажа ім Ісус: «Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісанні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”? 43 Дзеля таго кажу вам, што будзе аднята ад вас Валадарства Божае, а дадзена народу, які творыць плады яго. 44 І хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раздавіць».
45 І, калі пачулі першасвятары і фарысеі Яго прыпавесць, зразумелі, што пра іх Ён гаварыў. 46 І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей, бо яны лічылі Яго прарокам.
Гісторыя вясельнага абеду
Евангелле паводле Мацвея Раздзел 22:1 – 46
1 І, адказваючы, Ісус стаў гаварыць ім далей у прыпавесцях: 2 «Валадарства Нябеснае падобна да чалавека валадара, які справіў вяселле для свайго сына. 3 І паслаў ён паслугачоў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці. 4 Ізноў паслаў іншых паслугачоў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось, я прыгатаваў свой абед, валы мае і што кормнае пабіта, ды ўсё прыгатавана; прыходзьце на вяселле!”
5 Але яны не дбалі і пайшлі: хто ў поле сваё, хто да гандлю свайго; 6 астатнія ж схапілі паслугачоў яго і, наздзекаваўшыся, забілі. 7 І ўгнявіўся валадар, і, паслаўшы сваё войска, знішчыў тых забойцаў і горад іх спаліў. 8 Потым гаворыць ён паслугачам сваім: “Вяселле прыгатавана, але тыя, што запрошаны, не былі вартыя. 9 Дык ідзіце на скрыжаванні дарог і, каго толькі знойдзеце, клічце на вяселле”.
10 І паслугачы яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі. 11 І ўвайшоў валадар, каб паглядзець на гасцей, ды ўбачыў ён там чалавека, які быў апрануты не ў вясельныя шаты. 12 І гаворыць яму: “Дружа, як жа ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельных шатаў?” Але той маўчаў. 13 Тады сказаў валадар паслугачам сваім: “Звяжыце яму рукі і ногі, кіньце яго ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. 14 Бо многія пакліканы, але нямногія абраны».
15 Тады фарысеі, адышоўшы, пачалі радзіцца, як бы падлавіць Яго ў словах. 16 І паслалі да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, якія казалі: «Настаўнік, ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва навучаеш, ды не аглядаешся на асобы людзей. 17Скажы нам тады, як Табе здаецца, ці належыць плаціць падатак цэзару, ці, можа, не?»
18 Ісус жа, пранікаючы іх подступ, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? 19 Пакажыце мне манету на падатак». І яны падалі Яму дынар. 20 І Ён гаворыць ім: «Чые гэта выява і надпіс?» 21 Кажуць Яму: «Цэзара». Тады сказаў ім: «Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае – Богу». 22 І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся ды, пакінуўшы Яго, адышліся. 23 У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пыталіся Яго, 24 кажучы: «Настаўнік, Майсей загадаў: калі хто памрэ, не маючы дзяцей, дык хай брат яго возьме жонку яго і хай створыць нашчадка брату свайму.
25 А было ў нас сем братоў; і першы, як ажаніўся, памёр і, не маючы нашчадка, пакінуў жонку брату свайму. 26 Падобна другі і трэці – аж да сёмага. 27 Нарэшце па ўсіх памерла і жанчына. 28 Дык у час уваскрэсення чыёй з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе яны мелі яе». 29 А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ані магутнасці Божай. 30 Пры ўваскрэсенні не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы Божыя ў небе.
31 Ці не чыталі пра ўваскрэсенне мёртвых, што сказана вам Богам, Які казаў: 32 “Я – Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”. Бог не ёсць Бог мёртвых, але тых, што жывыя». 33 І, чуючы гэта, людзі дзівіліся з вучэння Яго. 34 Тады фарысеі, чуючы, што Ён змусіў садукеяў замаўчаць, сышліся разам. 35 І адзін з іх, законазнаўца, выпрабоўваючы Яго, спытаў: 36 «Настаўнік, якое найважнейшае прыказанне ў законе?»
37 Той жа гаворыць яму: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім; 38 гэта найважнейшае ды першае прыказанне. 39 Другое падобнае гэтаму: любі бліжняга свайго, як сябе самога. 40 На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі». 41 Калі сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Ісус,
42 кажучы: «Што думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць яму: «Давіда». 43 Сказаў ім: «Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы: 44 «Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае»? 45 Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён ёсць Сынам яго?» 46 І ніхто не мог Яму адказаць слова, ніхто таксама не адважыўся ад таго дня болей пытацца ў Яго.
Папярэджанне аб тым, каб не рабіць рэчы па няправільных прычынах
Евангелле паводле Мацвея Раздзел 23:1 – 39
1 Тады звярнуўся Ісус да людзей і да вучняў Сваіх, 2 кажучы: «На пасадзе Майсеевым заселі кніжнікі і фарысеі. 3 Дык усё, што яны вам скажуць, захоўвайце і рабіце, але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны вучаць, а не робяць. 4 Бо яны вяжуць цяжкія і непасільныя бярэмі ды ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім не хочуць іх зрушыць.
5 Яны робяць усе свае справы, каб людзі іх бачылі: пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры адзення свайго, 6 яны любяць першыя месцы за абедам і першыя лаўкі ў сінагогах, 7 і прывітанні на рынку, ды каб іх людзі называлі: “Рабі, рабі”. 8 Вы ж не называйце сябе рабі, бо адзін ваш Вучыцель – Хрыстос, а вы ўсе – браты.
9 Ані айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін Айцец ваш, Які ў небе. 10 Ані настаўнікамі не называйце сябе, бо адзін ваш Настаўнік – Хрыстос. 11 Хто большы з вас – будзе вашым паслугачом. 12 Бо хто сябе ўзвышае, той будзе прыніжаны, а хто сябе прыніжае, будзе ўзвышаны.
13 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі. Вы і самі не ўваходзіце, і тым, што ўваходзяць, не дазваляеце ўвайсці. 14 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоў і крывадушна доўга моліцеся: за гэта прымеце тым большае асуджэнне. 15 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што аб’язджаеце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго празелітам. А калі ім станецца, вы робіце яго сынам пекла, удвая горшым за сябе. 16 Гора вам, сляпыя правадыры, што кажаце: “Хто прысягае святыняй, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам святыні, той вінаваты”. 17 Неразумныя і сляпыя! Што ж большае: золата ці святыня, якая асвячае золата?
18 І: “Хто прысягае ахвярнікам, гэта нічога, а хто прысягае ахвярай, што на ім, той вінаваты”. 19 Неразумныя і сляпыя! Што ж большае: ахвяра ці ахвярнік, які асвячае ахвяру? 20 Дык вось, хто прысягае ахвярнікам, прысягае ім ды ўсім, што на ім. 21 І хто прысягае святыняй, той прысягае ёй ды Тым, Хто ў ёй самой жыве.
22 А хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім. 23 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што бераце дзесяціну з мяты, кропу і кмену, а не звярнулі ўвагі на тое, што важнейшае ў законе: суд, міласэрнасць і веру. Гэта належала зрабіць і таго не пакідаць. 24 Сляпыя правадыры, што працэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда!
25 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо абмываеце тое, што звонку чары і місы, а ўнутры поўныя здзерства ды нячыстасці. 26 Фарысей сляпы! Ачысці перш знутры чару і місу, каб і тое, што звонку, стала чыстым. 27 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да магіл пабеленых, што звонку выглядаюць прыгожымі, а ўнутры поўныя касцей мёртвых і ўсякай брыдоты.
28 Так і вы звонку здаецеся людзям справядлівымі, а ўнутры поўныя крывадушнасці і беззаконня. 29 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і аздабляеце помнікі справядлівым, 30 і кажаце: “Каб мы жылі ў дні бацькоў нашых, не былі б саўдзельнікамі іх у праліванні крыві прарокаў”. 31 І так вы самі сведчыце, што вы – сыны тых, што забілі прарокаў.
32 І вы дапаўняйце мерку бацькоў вашых. 33 Змеі, гадзючыя вырадкі! Як жа вы пазбегнеце пякельнага прысуду? 34 Таму вось Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў, і адных з іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, а іншых будзеце бічаваць у сінагогах вашых ды будзеце гнаць іх з горада ў горад, 35 аж спадзе на вас уся кроў справядлівых, што разліта па зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі між святыняй і ахвярнікам.
36 Сапраўды кажу вам: спадзе гэта ўсё на пакаленне гэтае. 37 Ерузалім, Ерузалім, што забіваеш прарокаў ды камянуеш тых, якія да цябе пасланы. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як кураводка збірае пісклянят сваіх пад крылы, а ты не захацеў. 38 Вось, застаецца вам дом ваш пусты. 39 Бо кажу вам: “Не ўбачыце Мяне датуль, пакуль не скажаце: «“Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада”».