Прыпавесць пра дзесяць дзеў
1 Тады падобна будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчын, якія, узяўшы лампады свае, выйшлі насустрач жаніху. 2 Пяць з іх было неразумных, а пяць – разумных. 3 Але неразумныя, узяўшы лампады свае, не ўзялі з сабою алею. 4 Разумныя ж узялі алею ў посуд свой разам з лампадамі сваімі.
5 А паколькі жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі. 6 А апоўначы ўзняўся крык: “Вось жаніх ідзе! Выходзьце яму насустрач”. 7 Тады падняліся ўсе тыя дзяўчаты і падрыхтавалі свае лампады. 8 Неразумныя ж сказалі разумным: “Дайце нам вашага алею, бо нашы лампады гаснуць”. 9 Адказалі разумныя, кажучы: “Каб раптам не было недахопу і нам, і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе”.
10 Калі яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вяселле. І дзверы зачыніліся. 11 Нарэшце прыйшлі і астатнія дзяўчаты, кажучы: “Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!” 12 А Ён, адказваючы, гаворыць: “Сапраўды кажу вам: Я не ведаю вас”.
13 Дык чувайце, бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны, калі Сын Чалавечы прыйдзе.14 Падобным чынам чалавек, адыходзячы ў далёкі край, склікаў сваіх паслугачоў і даручыў ім сваю маёмасць.15І аднаму даў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін – кожнаму паводле яго здольнасці, і выправіўся адразу. 16 Той, які атрымаў пяць талентаў, пайшоў і, скарыстаўшыся з іх, зарабіў яшчэ пяць талентаў.
17 Падобна і той, хто атрымаў два, зарабіў яшчэ два. 18 А той, хто атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго. 19 Потым па доўгім часе прыходзіць гаспадар паслугачоў тых і выстаўляе рахунак ім. 20 І, прыйшоўшы, той, які атрымаў пяць талентаў, прынёс яшчэ пяць талентаў, кажучы: “Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось, я зарабіў дадаткова яшчэ пяць талентаў на іх”.
21 Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. 22 Прыйшоў таксама і той, які атрымаў два таленты, і гаворыць: “Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, вось я зарабіў яшчэ два таленты на іх”. 23 Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
24 А той, што атрымаў адзін талент, прыходзячы, гаворыць: “Гаспадару, я ведаю цябе як чалавека жорсткага: ты жнеш, дзе не пасеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў. 25 Дык, баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю. Вось, бяры, што тваё”. 26 У адказ гаспадар яго сказаў: “Паслугач благі і неруплівы! Ты ведаў, што я жну, дзе не пасеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў.
27 Дык належала б табе мае грошы даць мяняльшчыкам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы, што маё, з прыбыткам. 28 Таму вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў. 29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дададзена, і ён будзе багаты; а ў таго, хто не мае, адбяруць і тое, што ён мае. 30 А слугу нягоднага кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатанне зубоў».
31 Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй. 32 І збяруцца перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. 33 І Ён паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў – леваруч. 34 Тады скажа Валадар тым, што будуць праваруч Яго: “Прыходзьце, дабраславёныя Айца Майго; атрымайце Валадарства, прыгатаванае для вас ад заснавання свету.
35 Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў сасмаглы, і вы далі Мне піць; чужаземец быў, і вы прынялі Мяне; 36 быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. 37 Тады адкажуць Яму справядлівыя, кажучы: “Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе, або сасмаглым і далі Табе піць?
38 Калі ж мы бачылі госцем Цябе і прынялі, або голым і апранулі? 39 Калі ж мы бачылі хворым Цябе або ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?” 40 І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: “Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі”. 41 Тады скажа Ён і тым, хто леваруч Яго будуць: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, які прыгатаваны для д’ябла і анёлаў яго.
42 Бо быў Я галодны, і вы не далі Мне есці, быў Я сасмаглы, і вы не далі Мне піць; 43 быў Я госцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворым і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”.
44 Тады адкажуць яны Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або сасмаглым, або госцем, або голым, або хворым, або ў вязніцы і не паслужылі Табе?” 45 Тады Ён адкажа ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, таго і Мне не зрабілі”.
46 І пойдуць яны на вечную муку, а справядлівыя – у жыццё вечнае».