Skip to content

1 І народ выйшаў з Асэрота, паставіўшы палаткі ў пустыні Паран. 2 Там сказаў Госпад Майсею, гаворачы: 3 «Пашлі людзей, каб яны агледзелі зямлю Ханаан, якую Я маю даць сынам Ізраэля, па адным ад кожнага пакалення кіраўнікоў». 4 Што Госпад загадаў, тое і зрабіў Майсей, і паслаў мужчын князей з пустыні Паран, 5 вось імёны іх: з пакалення Рубэна — Самуа, сына Закхура;

6 з пакалення Сімяона — Сафата, сына Горы; 7 з пакалення Юды — Калеба, сына Ефоны; 8 з пакалення Ісахара — Ігал, сына Язэпа; 9 з пакалення Эфраіма — Осію, сына Нуна; 10 з пакалення Бэньяміна — Палці, сына Рэфу; 11 з пакалення Забулона — Гэдзіэля, сына Содзі; 12 з пакалення Язэпа, пакалення Манасы — Гадзі, сына Сусі;

13 з пакалення Дана — Аміэля, сына Гэмалі; 14 з пакалення Асэра — Стура, сына Міхаэля; 15 з пакалення Нэфталі — Нагабі, сына Вафсі; 16 з пакалення Гада — Гуэля, сына Махі. 17 Гэта вось імёны мужчын, якіх паслаў Майсей для выведвання зямлі. І Осію, сына Нуна, назваў Майсей потым Ешуа.

18 Дык паслаў іх для выведвання зямлі Ханаан Майсей і сказаў ім: «Ідзіце праз Нагэб. І калі прыйдзеце ў горы, 19 агледзьце зямлю, якая яна, і народ, жыхароў той зямлі, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія; 20 а сама зямля, — ці добрая, ці ліхая; якія гарады, ці абмураваныя, ці без муроў; 21 ці глеба ўрадлівая, ці пустая, лясістая, ці без дрэў. Будзьце адважнымі і прынясіце нам пладоў той зямлі». А быў час, калі ўжо можна было есці ранні вінаград. 22 І калі яны пайшлі, то разведалі зямлю ад пустыні Сін па Рагоб паблізу Эмата.

23 І дайшлі да Нагэба, і прыйшлі ў Геброн, дзе жылі Ахіман, і Сэсай, і Талмай, сыны Анака. Бо Геброн быў заснаваны на сем гадоў раней, чым Танея, горад егіпецкі. 24 І дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, зрэзалі вінаградную галінку з яе вінаградам, які неслі на жэрдцы два мужчыны. Неслі таксама яблыкі гранатавыя і фігі той мясцовасці, 25 што была названа далінай Нэгэлескал, таму што адтуль сыны Ізраэля неслі вінаград.

26 І вярнуліся выведчыкі зямлі па сарака днях, абышоўшы кожную вобласць, 27 прыйшлі да Майсея і Аарона і ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў пустыню Паран, што ў Кадэсе. І расказвалі ім, і паказалі плады той зямлі ўсёй грамадзе, і распавядалі, гаворачы: 28 «Прыбылі мы ў зямлю, у якую паслаў ты нас, якая сапраўды ацякае малаком і мёдам, як можна пераканацца з гэтых пладоў. 29 Але жыхароў мае яна найдужэйшых і гарады вялікія і абмураваныя. Бачылі мы там род Анака;

30 амалекцы жывуць у Нагэбе; хетэі, і евусеі, і амарэі — у гарах, а хананеі жывуць каля мора і на берагах Ярдана». 31 Між тым Калеб, супакойваючы абурэнне народа супраць Майсея, казаў: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы зможам авалодаць ёю». 32 Іншыя ж, хто быў з ім, казалі: «Ніякім чынам не зможам ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас».

33 І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую агледзелі, паміж сыноў Ізраэля, кажучы: «Зямля, якую мы агледзелі, пажырае жыхароў сваіх; народ, які мы бачылі, — высокага росту; 34 бачылі мы там волатаў, сыноў Анака з роду волатаўскага, і ў параўнанні з імі мы выглядалі саранчою».