Skip to content

Уступ да Нагорнай пропаведзі

Евангелле паводле Мацвея Раздзел 5

1 І, бачачы натоўпы, Ён узышоў на гару; і, калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго; 2 і, адкрыўшы вусны Свае, стаў іх навучаць, кажучы: 3 «Шчасныя ўбогія духам, бо іх Валадарства Нябеснае. 4 Шчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца. 5 Шчасныя пакорлівыя, бо яны завалодаюць зямлёю. 6 Шчасныя тыя, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны насыцяцца. 7 Шчасныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць.

8 Шчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. 9 Шчасныя міратворцы, бо іх назавуць сынамі Божымі. 10 Шчасныя, што пераслед церпяць дзеля справядлівасці, бо іх Валадарства Нябеснае. 11 Шчасныя вы, калі дзеля Мяне вас будуць зневажаць, і пераследаваць, і ўсякае ліха гаварыць будуць супраць вас, узводзячы паклёп.12 Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша шчодрая ў небе; так, вось, пераследавалі прарокаў, якія да вас жылі.

13 Вы – соль зямлі. А калі соль страціць сілу, то чым пасоліцца? Яна ўжо ні на што больш не прыдатная, як толькі быць выкінутай на двор, каб яе людзі патапталі. 14 Вы – святло свету. Не можа схавацца горад, што размешчаны на версе гары. 15 Таксама не запальваюць свечкі і не ставяць яе пад пасудзіну, але ставяць на падсвечніку, каб свяціла ўсім, хто ёсць у доме. 16 Так хай свеціць святло ваша на віду ў людзей, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, Які ў небе.

17 Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон і прарокаў. Я прыйшоў не парушыць, але выканаць. 18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль неба і зямля не прамінуць, ані адна ёта, ані адна рыска не зменіцца ў законе, аж пакуль усё не збудзецца.

19 Хто парушыць адно з гэтых прыказанняў найменшых і навучыць так людзей, таго назавуць найменшым у Валадарстве Нябесным. А хто выканае і навучыць, таго назавуць вялікім у Валадарстве Нябесным. 20 Бо кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большай, чым у кніжнікаў і ў фарысеяў, не ўвойдзеце вы ў Валадарства Нябеснае. 21 Чулі, што сказана было продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, будзе асуджаны.

22 А Я вам кажу, што той, хто дарэмна гневаецца на брата свайго, будзе асуджаны; а хто скажа брату свайму: “рака”, – будзе асуджаны радай, а хто скажа: “дурны”, – будзе асуджаны агнём пякельным. 23 І таму, калі панясеш ахвяру сваю на ахвярнік, а там прыпомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе, 24 дык пакінь ахвяру тваю каля ахвярніка, і ідзі перш пагадзіся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясеш ахвяру тваю.

25 Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты з ім у дарозе, каб выпадкам не аддаў цябе супраціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не быў ты кінуты ў вязніцу. 26 Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга квадранта. 27 Чулі, што сказана: “Не чужалож”?

28 А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, прагнучы яе, ужо яе зчужаложыў у сэрцы сваім. 29 Бо калі тваё правае вока горшыць цябе, вырві яго ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла. 30 І калі правая твая рука горшыць цябе, адрэж яе ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла. 31 Сказана таксама: “Хто пакіне жонку сваю, хай дасць ёй разводны ліст”.

32 А Я кажу вам: кожны, хто пакідае жонку сваю, акрамя як з прычыны яе распусты, выстаўляе яе на чужаложства. І той, хто жэніцца з ёю, чужаложыць. 33 Чулі яшчэ аб тым, што было сказана продкам: “Не парушай прысягі, але выконвай сваю прысягу перад Госпадам”. 34 А Я кажу вам, каб вы зусім не прысягалі, ані небам, бо яно ёсць пасад Божы, 35 ані зямлёю, бо яна – падножжа ног Яго; ані Ерузалімам, бо ён – горад вялікага Валадара.

36 Ані таксама сваёй галавой не прысягай, бо ты не можаш аніводнага воласа зрабіць белым або чорным. 37 Хай жа тады слова ваша будзе: “так – так”, “не – не”. А што звыш таго, гэта ад ліхога. 38 Чулі вы, што сказана было: “Вока за вока, зуб за зуб?” 39 А Я кажу вам: не праціўцеся злому; а калі б хто ўдарыў цябе ў правую шчаку тваю, настаў яму і другую.

40 І таму, хто хоча з табой судзіцца і кашулю тваю ўзяць, аддай яму і плашч. 41 І калі б хто цябе змушаў ісці з ім мілю, ідзі з ім дзве. 42 Дай таму, хто просіць у цябе; і не ўхіляйся ад таго, хто жадае ў цябе пазычыць. 43 Чулі вы, што сказана было: “Любі блізкага свайго і ненавідзь ворага твайго”.

44 А Я кажу вам: любіце ворагаў сваіх дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць і гоняць вас, 45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у небе, бо Ён чыніць, каб сонца Яго ўзыходзіла над добрымі і ліхімі, і дождж пралівае над справядлівымі і несправядлівымі.

46 Калі ж вы любіце тых, што вас любяць, дык што за ўзнагароду будзеце мець? Ці ж і мытнікі не робяць таго? 47 Або калі вітаеце толькі братоў вашых, дык што асаблівага робіце? Ці ж гэтак і пагане не робяць? 48 Дык будзьце ж вы дасканалыя, як і Айцец ваш, Які ёсць у небе, дасканалы.

Евангелле паводле Мацвея Раздзел6

1 Зважайце, каб вы вашай добрай справы не ўчынялі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Які ёсць у небе. 2 І, калі ты ўчыняеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі ўслаўлялі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю ўзнагароду. 3 Але, калі даеш міласціну, хай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука,

4 каб міласціна твая была ў скрытасці, і Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна. 5 І, калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду. 6 А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці. А Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна.

7 А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты. 8 Дык не будзьце падобнымі да іх; бо Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго папросіце. 9 А вось так вы маліцеся: Ойча наш, Які ёсць у небе, свяціся імя Тваё,

10 прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі. 11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; 12 і даруй нам правіны нашы, як і мы даруем вінаватым нашым; 13 і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё ёсць Валадарства, і сіла, і слава ў векі векаў. Амін.

14 Бо калі вы даруеце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец, Які ў небе, даруе вам. 15 Але калі вы не даруеце людзям грахі іх, то і Айцец ваш не даруе грахоў вашых. 16 Калі посціце, не будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.

17 А ты, калі посціш, памаж галаву сваю ды абмый твар свой, 18 каб паказацца поснікам не людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасці, аддасць табе яўна. 19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць.

20 Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць. 21 Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё. 22 Свяцільня цела твайго – вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстым, дык і ўсё цела тваё будзе светлым.

23 А калі ж вока тваё нягодным будзе, усё цела тваё цёмным будзе. Калі ж святло, што ў табе, – цемра, дык наколькі ж вялікай сама цемра будзе? 24 Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагардзіць. Не можаце Богу служыць і мамоне.

25 Вось чаму кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё ваша, што будзеце есці і што піць, ані пра цела ваша, у што апранацца будзеце. Ці ж жыццё не важнейшае за ежу, а цела – за адзенне? 26 Паглядзіце на птушак нябесных, якія ані сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у свірны, а Айцец ваш, Які ёсць у небе, корміць іх. Ці ж вы не шмат важнейшыя за іх? 27 Ды хто ж з вас, клапоцячыся, можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?

28 А пра адзенне нашто турбуецеся? Прыгледзьцеся да палявых лілей, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць. 29 А Я кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не быў так прыбраны, як адна з іх. 30 Калі ж гэтую палявую траву, што сёння ёсць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так апранае, дык непараўнальна вас, малаверы. 31 І не турбуйцеся таму, кажучы: “Што будзем есці?”, або “Што будзем піць?”, або “У што будзем апранацца?”

32 Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш, Які ёсць у небе, ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу. 33 Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам. 34 І не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе патурбуецца. Дастаткова кожнаму дню свайго ліха.

Евангелле паводле Мацвея Раздзел 7

1 Не судзіце, каб вас не судзілі. 2 Бо якім судом вы будзеце судзіць, такім і вас асудзяць, і якою меркай вы будзеце мерыць, такою вам будуць мерыць. 3 Чаму ж ты ў воку брата твайго сцяблінку бачыш, а бервяна ў сваім воку не бачыш? 4 Або як жа скажаш брату твайму: “Дазволь, я выцягну сцяблінку з вока твайго”, – а вось, бервяно ў воку тваім?

5 Крывадушнік, выкінь перш бервяно з свайго вока і тады ўгледзіш, як выняць сцяблінку з вока брата твайго. 6 Не давайце сабакам святога, ды не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі ды, павярнуўшыся, не разарвалі вас. 7 Прасіце – і будзе вам дадзена. Шукайце – і знойдзеце. Стукайце – і адчыняць вам. 8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукаецца, таму адчыняюць.

9 Ці ёсць між вамі чалавек, які дасць сыну свайму камень, калі ён просіць хлеба? 10 Або, калі папросіць рыбу, дасць яму змяю? 11 Дык калі вы, ліхія, навучыліся даваць сынам сваім добрыя дарункі, дык куды больш Айцец ваш, Які ёсць у небе, дасць добрае тым, што просяць у Яго.

12 І ўсё, што толькі хочаце, каб вам рабілі людзі, вы і самі ім рабіце. Гэта ёсць закон і прарокі. 13 Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на згубу, ды многа такіх, што праз іх ідуць.14 А якая ж цесная брама і вузкая дарога, што вядзе да жыцця, і нямнога такіх, што знаходзяць яе.

15 Сцеражыцеся фальшывых прарокаў, што прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпежныя. 16 Па пладах іх пазнаеце іх. Няўжо збіраюць з церня вінаград або з чыліму фігі? 17 Так кожнае дрэва добрае родзіць добрыя плады, а благое дрэва – плады благія.

18 Не можа дрэва добрае радзіць плады благія, а дрэва благое радзіць плады добрыя. 19 Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь. 20 Такім чынам, па пладах іх пазнаеце іх. 21 Не кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе, Госпадзе”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць у небе.

22 Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Няўжо мы не праракавалі ў імя Тваё? Ды ці не ў імя Тваё выганялі дэманаў? Ды ці не ў імя Тваё ўчынялі цуды?” 23 А Я тады абвяшчу ім: “Ніколі Я вас не ведаў. Ідзіце прэч ад Мяне, вы, што творыце беззаконне”. 24 Такім чынам, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае ды выконвае іх, прыпадобніцца да чалавека разумнага, які збудаваў свой дом на камені.

25 І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падулі вятры, і абрынуліся на той дом, і ён не ўпаў, бо быў пабудаваны на камені. 26 А кожны, хто слухае Мае словы і не выконвае іх, прыпадобніцца да чалавека неразумнага, які збудаваў свой дом на пяску. 27 І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падулі вятры, і абрынуліся на той дом, і ён упаў, і вялікім было яго падзенне».

28 І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, дзівіліся многія людзі з вучэння Яго. 29 Бо вучыў Ён іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як іх кніжнікі.