Skip to content

Кніга Рут Раздзел 1

1 У часы, калі судзілі суддзі, запанаваў голад на зямлі. І адзін чалавек з Бэтлехэма Юдэйскага пайшоў з жонка? сваёй і двума сынамі, каб пасяліцца ў зямлі Мааб. 2 Называўся ён Элімэлех, а жонка яго — Наомі, і два сыны яго, адзін называўся Махалон, а другі — Хеліён; яны былі эфратцамі з Бэтлехэма Юдэйскага. І, прыйшоўшы ў зямлю Мааб, яны там абжыліся.

3 І Элімэлех, муж Наомі, памёр, і засталася яна з сынамі, 4 якія жонкамі ўзялі маабак, адна з якіх называлася Орпа, а другая — Рут; і жылі яны там каля дзесяці гадоў. 5 І памерлі абодва, Махалон, зразумела, і Хеліён; і засталася жанчына тая, перажыўшы мужа і абодвух сыноў. 6 І ўстала тады яна, каб з абедзвюма нявесткамі з зямлі Мааб пайсці ў сваю бацькаўшчыну, бо пачула яна, што Госпад паклапаціўся аб Сваім народзе і даў ім ежу. 7 Такім чынам, выйшла яна з месца пражывання свайго разам з абедзвюма нявесткамі і ўжо ў дарозе, калі вярталіся яны ў зямлю Юдэйскую,

8 сказала яна ім: «Вяртайцеся кожная ў дом маці сваёй; хай так з’явіць вам Госпад Сваю міласэрнасць, як вы абыходзіліся з памерлымі мужамі і са мной: 9 хай дапаможа Ён вам знайсці супакой у дамах мужоў вашых, якія вам прызначаны». І пацалавала іх. Яны пачалі плакаць, падняўшы голас, 10 і казаць: «Пойдзем мы з табой да народа твайго».

11 Яна ім адказала: «Вяртайцеся да сябе, дочкі мае; навошта вам ісці са мною? Я ж не маю болей сыноў ва ўлонні сваім, каб вы маглі чакаць мужоў ад мяне. 12 Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце; я ўжо знясілена старасцю і не падыходжу для шлюбу; калі б нават я змагла гэтай ноччу пачаць і нарадзіць сыноў, 13 ці ж вы хацелі б чакаць і ўстрымацца ад замужжа, пакуль яны падрастуць і дачакаюцца гадоў сталасці? Не ідзіце са мной, прашу, дочкі мае, бо гора маё большае, чым ваша, і паднялася рука Госпадава супраць мяне».

14 Дык, падняўшы голас, яны зноў пачалі плакаць. Орпа пацалавала свякроў і вярнулася, а Рут засталася пры свекрыві сваёй. 15 Наомі сказала ёй: «Вось, сваячка твая вярнулася да народа свайго і да багоў сваіх, ідзі з ёю!» 16 Яна адказала: «Не прымушай мяне, каб пакінула цябе і адышла ад цябе; бо куды б ты ні пайшла, там я пайду, дзе ты будзеш жыць, там і я таксама жыць буду: твой народ будзе маім народам, і твой Бог будзе маім Богам.

17 Якая зямля прыме цябе пасля смерці, у той і я памру і там атрымаю месца для пахавання. Хай мне дасць гэта Госпад і тое дабавіць; хіба толькі смерць 18 Дык Наомі, бачачы, што Рут цвёрда вырашыла ісці з ёю, не пажадала пярэчыць і далей пераконваць яе вяртацца да сваіх. 19 І пайшлі яны разам, і прыйшлі ў Бэтлехэм. Калі яны ўвайшлі ў горад, узварухнуўся з-за іх увесь горад; і казалі жанчыны: «Гэта ж тая Наомі!»

20 Яна казала ім: «Не называйце мяне Наомі, але называйце мяне Мара, бо Усемагутны напоўніў мяне горыччу занадта. 21 Поўная выйшла я, а пустой вярнуў мяне Госпад; дык навошта называць Наомі мяне, якую ўпакорыў Госпад і на якую спаслаў бяду Усемагутны?» 22 Такім чынам, прыйшла Наомі з Рут маабкай, нявесткай сваёй, з зямлі вандравання свайго; і прыйшла ў Бэтлехэм, калі пачыналі жаць ячмень.

Кніга Рут Раздзел 2

1 У Наомі быў сваяк па мужу яе, чалавек багаты і магутны, на імя Баоз. 2 І Рут маабка сказала свекрыві сваёй: «Дазволь, я пайду на поле і буду збіраць каласы, якія пазбеглі рук жней, паўсюль, дзе знайду я ласку да сябе ад мяккасардэчнага галавы сям’і». Наомі адказала ёй: «Ідзі, дачка мая». 3 Дык яна пайшла і збірала каласы за жнеямі. А здарылася, што поле тое мела гаспадара імем Баоз, які быў з роду Элімэлеха.

4 І вось, прыйшоў ён з Бэтлехэма і сказаў жнеям: «Госпад з вамі». Яны адказалі: «Хай дабраславіць цябе Госпад». 5 І сказаў Баоз юнаку, што кіраваў жнеямі: «Чыя гэта дзяўчына?» 6 Ён адказаў: «Гэта маабка, якая з Наомі прыйшла з зямлі Мааб 7 і папрасіла аб тым, каб збіраць пакінутыя каласы, ідучы за жнеямі; і ад раніцы да цяперашняга моманту яна знаходзіцца на полі і толькі зараз зрабіла кароткі адпачынак». 8 І кажа Баоз Рут: «Слухай, дачка: не ідзі больш збіраць каласы на іншае поле і не адыходзь з гэтага месца, а далучыся да маіх дзяўчат.

9 Глядзі, дзе жнуць, і ідзі за імі, бо я загадаў паслугачам, каб ніхто не рабіў табе прыкрасці, а калі будзеш адчуваць смагу, ідзі да пасудзін і напіся вады, якую п’юць паслугачы». 10 Яна, упаўшы на твар свой і пакланіўшыся да зямлі, сказала яму: «Адкуль мне гэта, што я знайшла ласку ў вачах тваіх і што ты звярнуў увагу на чужаземку?» 11 Ён адказаў ёй: «Мне ўсё расказалі: што ты зрабіла для свекрыві сваёй па смерці мужа твайго, і што ты пакінула бацькоў сваіх і зямлю, у якой нарадзілася, і прыбыла да народа, якога раней не ведала.

12 Хай аддзячыць табе Госпад за ўчынак твой, і поўную ўзнагароду атрымаеш ад Госпада, Бога Ізраэля, да Якога ты прыйшла і пад крылы Якога схавалася». 13 Яна кажа: «Знайду я ласку ў вачах тваіх, гаспадар мой, бо ты суцешыў мяне і сказаў да сэрца паслугачкі сваёй, якая не вартая ніводнай з паслугачак тваіх».14 І ў час падсілкавання сказаў ёй Баоз: «Хадзі сюды і еж хлеб, і макай лусту сваю ў воцат». Дык села яна каля жней, а ён падаў ёй пражанае зерне ячменю, і яна ела і наелася, а рэшткі ўзяла з сабою.

15 А затым устала, каб, як звычайна, збіраць каласы. А Баоз загадаў паслугачам сваім, кажучы: «Хай яна таксама збірае між снапоў, не забараняйце ёй. 16 І нават ад снапоў адкідвайце ёй і дазваляйце заставацца, каб збіраць, і хай ніхто не крычыць на яе». 17 Дык збірала яна каласы ў полі аж да вечара; а калі вымалаціла палкай тое, што сабрала, было ў яе каля эфы ячменю.

18 Узяўшы іх, вярнулася яна ў горад і паказала свекрыві сваёй тое, што сабрала; акрамя таго, аддала ёй рэшткі з ежы сваёй, якой насыцілася. 19 І свякроў сказала ёй: «Дзе ты сёння збірала каласы і дзе працавала? Хай дабраславёны будзе той, хто быў літасцівы да цябе». І расказала яна ёй, у каго працавала, і казала: «Імя мужчыны таго Баоз».

20 Наомі адказала ёй: «Хай дабраславёны будзе Госпадам, бо не адмовіў у ласцы сваёй ані жывым, ані памерлым!» І далей казала: «Гэты чалавек — наш сваяк; ён адзін з тых, што маюць права выкупу за нас». 21 Рут ж дадала: «Таксама ён сказаў мне, каб я далучылася да жнеяў яго да той пары, пакуль не скончаць яны ўсяго жніва».

22 Сказала ёй свякроў: «Лепш, дачка мая, каб ты выходзіла з яго дзяўчатамі жаць, чым ісці на чужое поле, дзе хтосьці табе зробіць прыкрасць». 23 Такім чынам, далучылася яна да дзяўчат Баоза аж да канца жніва ячменю і пшаніцы; і жыла яна са свякроўю сваёй.

Кніга Рут Раздзел 3

1 І Наомі, свякроў Рут, сказала ёй: «Дачка мая, я буду шукаць табе месца спакойнага і паруплюся пра тое, каб добра было табе. 2 Баоз, сваяк наш, да дзяўчат якога далучылася ты на полі, вось, ён у гэтую ноч мае веяць на таку ячмень. 3 Дык ты памыйся, намасціся і апрані строі свае і схадзі на ток; але не з’яўляйся перад ім, пакуль не скончыць ён есці і піць.

4 А калі пойдзе ён спаць, ты прыкмець месца, у якім будзе класціся; і прыйдзі, і адкрый плашч, якім ён накрываецца, з боку ног, і там ляжаш. А ён скажа табе, што павінна ты рабіць». 5 Яна адказала: «Што ты загадала, зраблю». 6 І пайшла яна на ток, і зрабіла ўсё, што загадала ёй свякроў. 7 І калі Баоз наеўся, і напіўся, і стаў весялейшым, і пайшоў спаць у крайняй частцы пры мностве снапоў ячменю, Рут падышла ціха і, адкрыўшы плашч ля ног яго, лягла.

8 І вось, ужо апоўначы, спалохаўся ён, і падняўся, і ўбачыў жанчыну, што ляжала ля ног яго. 9 І ён кажа ёй: «Хто ты?» І яна адказала: «Я Рут, паслугачка твая. Накрый плашчом сваім паслугачку сваю, бо ты маеш права выкупу». 10 І ён сказаў: «Дабраславёна будзь, дачка, Госпадам; пераўзышла ты і папярэднюю высакароднасць наступнаю, бо не шукала ты юнакоў, ані бедных, ані багатых.

11 Дык не бойся, а я ўсё, што скажаш мне, зраблю табе; бо ўвесь народ, які жыве ва ўсіх брамах горада майго, ведае, што ты — жанчына дабрадзейная. 12 І не пярэчу, што я сваяк табе, але ёсць другі, бліжэйшы за мяне. 13 Адпачывай у гэтую ноч, а раніцай, калі захоча ён выканаць адносна цябе абавязак сваяцтва, добра будзе, хай выконвае; а калі не захоча, то, жыве Госпад, я без усякага сумнення вазьму цябе. Спі да раніцы».

14 І спала яна ля ног яго, аж пакуль не скончылася ноч. І ўстала, пакуль яшчэ людзі не могуць пазнаць адзін аднаго; і сказаў Боаз: «Сцеражыся, каб ніхто не ведаў, што ты сюды прыйшла».15 І яшчэ сказаў ён: «Рассцялі невялікі плашч свой, якім накрываешся, і трымай абодва канцы рукою». Калі яна рассцяліла і трымала так, адмераў ён шэсць мер ячменю і насыпаў на яго; і пайшла яна ў горад, трымаючы яго,

16 і прыйшла да свекрыві сваёй. Яна сказала ёй: «Што ты рабіла, дачка?» І расказала ёй Рут усё, што зрабіў ёй той чалавек, 17 і дадала: «Вось, шэсць мер ячменю даў ён мне, і казаў: “Не хачу, каб ты вярнулася да свекрыві сваёй з пустымі рукамі”».

18 І Наомі сказала: «Чакай, дачка, пакуль мы не ўбачым, што з гэтага выйдзе; бо не спыніцца чалавек гэты, аж пакуль не споўніць сёння тое, што сказаў».

Кніга Рут Раздзел 4

1 А Баоз пайшоў да брамы і сеў там. І калі ўбачыў, што міма праходзіць сваяк, аб якім гаварыў, сказаў яму, паклікаўшы яго па імю: «Падыдзі сюды на хвіліну і сядзь тут». Той падышоў і сеў. 2 Тады Баоз, паклікаўшы дзесяць мужчын са старэйшын горада, сказаў ім: «Сядзьце тут». 3 Калі яны селі, сказаў ён сваяку: «Частку поля брата нашага Элімэлеха прадае Наомі, якая вярнулася з зямлі Маабскай.

4 Хацеў я, каб чуў ты гэта, і табе хацеў я сказаць: перад усімі, хто сядзіць, і перад старэйшынамі народа майго, што калі хочаш мець гэтае поле па законе сваяцтва, купляй яго і валодай ім; а калі не хочаш, то паведамі мне, каб я ведаў, што маю рабіць. Няма бо іншага сваяка ў Наомі, акрамя цябе; ты — першы, а я — другі». І той адказаў: «Я куплю поле». 5 Сказаў яму Баоз: «Калі купіш поле з рук Наомі, мусіш узяць таксама Рут маабку, жонку памерлага, каб захаваць імя памерлага сваяка твайго ў спадчыне яго». 6 Ён адказаў: «Я саступаю права сваяцкасці, бо не павінен я нішчыць маёмасці сям’і сваёй. Ты скарыстайся з майго прывілею, ад якога я ахвотна адмаўляюся».

7 А такі быў даўнейшы звычай у Ізраэлі адносна права выкупу і абмену: каб пацвердзіць усю справу, чалавек здымаў сандалю сваю і даваў блізкаму свайму. Такое было сведчанне ўступкі ў Ізраэлі. 8 Дык сказаў той сваяк Баозу: «Купляй сабе». І зняў сандалю сваю з нагі сваёй. 9 І Баоз сказаў старэйшынам і ўсяму народу: «Сведкі вы сёння таго, што атрымаў я з рук Наомі ўсё, што належала Элімэлеху, Хеліёну і Махалону, 10 і таксама Рут маабку, жонку Махалона бяру сабе за жонку, каб захаваць імя памерлага ў спадчыне яго, каб не знікла імя яго паміж братоў і ў браме месца яго. Вы, — кажу я, — сведкі сёння ў гэтай справе».

11 Увесь народ, які быў у браме, і старэйшыны адказалі: «Мы з’яўляемся сведкамі; хай Госпад зробіць гэтую жанчыну, якая ўвойдзе ў дом твой, падобнай да Ракель і Ліі, якія абедзве збудавалі дом Ізраэля. Набывай багацце ў Эфраце і зрабі слаўным імя тваё ў Бэтлехэме! 12 І хай дом твой станецца, як дом Пэрэса, якога нарадзіла Юдзе Тамар, з семені, якое дасць табе Госпад ад гэтай маладой дзяўчыны!» 13 І ўзяў Баоз Рут за жонку; і ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй пачаць і нарадзіць сына.

14 І казалі жанчыны Наомі: «Хай будзе дабраславёны Госпад, Які не дапусціў, каб у цябе сёння не было таго, хто б вызваліў тваю сям’ю. Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі, 15 і хай ён будзе суцяшэннем для душы тваёй і карміцелем у старасці; бо нарадзіла яго нявестка твая, якая любіць цябе і якая для цябе значна больш дарагая, чым сем сыноў».

16 І Наомі абняла ўзятае на рукі дзіця і была для яго нянькаю. 17 А суседкі далі імя яму і казалі: «Нарадзіўся сын для Наомі»; далі яму імя Абэд. Ён бацька Ясэя, бацькі Давіда. 18 Гэта нашчадкі Пэрэса: Пэрэс быў бацькам Эсрома. 19 Эсром быў бацькам Арама, Арам быў бацькам Амінадаба,

20 Амінадаб быў бацькам Наасона, Наасон быў бацькам Салмона, 21 Салмон быў бацькам Баоза, Баоз быў бацькам Абэда. 22 Абэд быў бацькам Ясэя, Ясэй быў бацькам Давіда.