У першы Тыдзень
Евангелле паводле Яна Раздзел 20: 19 – 31
19 Калі ж настаў вечар таго першага дня тыдня і там, дзе былі вучні сабраныя, дзверы былі замкнёныя дзеля страху перад юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!» 20 І, калі гэта сказаў, паказаў ім рукі і бок Свой. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада. 21 Тады Ісус сказаў ім зноў: «Супакой вам! Як Мяне паслаў Айцец, так і Я пасылаю вас».
22 І, калі гэта сказаў, дыхнуў на іх і кажа ім: «Вазьміце Духа Святога. 23 Каму б ні даравалі вы грахі, тым яны дараваны; каму б ні затрымалі, [на тым] яны затрымаліся». 24 А Тамаш, адзін з дванаццаці, званы Блізнюк, не быў разам з імі, калі прыйшоў Ісус. 25 Казалі яму іншыя вучні: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі не ўбачу ран ад цвікоў на руках Яго, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу сваёй рукі ў бок Яго, не ўверу».
26 І па васьмі днях зноў сабраліся вучні ў доме, і Тамаш з імі. Прыйшоў Ісус, калі дзверы былі замкнёны, і стаў пасярод іх, і сказаў: «Супакой вам». 27 Потым сказаў Тамашу: «Укладзі палец твой сюды і паглядзі на рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой, ды не будзь бязверным, але верным».
28 Адказаў Тамаш і сказаў Яму: «Госпад мой і Бог мой!» 29 Кажа яму Ісус: «Тамаш, ты паверыў, бо Мяне ўбачыў. Шчасныя тыя, што не бачылі Мяне, а ўверылі». 30 Многа яшчэ іншых знакаў учыніў Ісус у прысутнасці вучняў Сваіх, якія не запісаны ў гэтай кнізе;
31 гэтыя ж запісаны, каб вы верылі, што Ісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, ды каб, верачы, мелі жыццё ў імя Яго.
Евангелле паводле Яна Раздзел 20: 19 – 31
Пасля першага тыдня
Евангелле паводле Яна Раздзел 21: 1 – 25
1 Далей аб’явіўся зноў Ісус вучням каля мора Тыберыядскага, а аб’явіўся ім так. 2 Былі разам Сімон Пётра і Тамаш, званы Блізнюк, Натанаэль, які быў з Каны Галілейскай, і сыны Зебядзея, і два іншых з вучняў Яго. 3 Кажа ім Сімон Пётра: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «І мы пойдзем з табой». Дык пайшлі адразу, і селі ў лодку, і ў тую ноч нічога не злавілі. 4 А калі настала раніца, стаў Ісус на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
5 Кажа ім затым Ісус: «Дзеці, ці маеце што есці?» Адказалі яму: «Не». 6 Дык сказаў ім: «Закіньце сетку па правы бок лодкі і зловіце». Закінулі тады, і з-за мноства рыбы ўжо не маглі выцягнуць сетку. 7 Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётры: «Гэта ж Госпад!» Дык Сімон Пётра, пачуўшы, што гэта Госпад, апрануў туніку, бо быў голы, і кінуўся ў мора;
8 іншыя ж вучні прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берага, каля двухсот локцяў, цягнучы сетку з рыбаю. 9 А калі выйшлі на бераг, убачылі раскладзеныя вуглі, і рыбу, пакладзеную зверху, і хлеб. 10 Кажа ім Ісус: «Прынясіце тую рыбу, што цяпер налавілі».
11 Дык пайшоў Сімон Пётра і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, [якіх было] сто пяцьдзясят тры; і хоць было так шмат, сетка не падралася. 12 Кажа ім Ісус: «Ідзіце, ежце». Але ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад. 13 Ісус падышоў, узяў хлеб і даў ім, падобна і рыбу. 14 Гэта ўжо трэці раз аб’явіўся Ісус вучням Сваім пасля ўваскрэсення з мёртвых.
15 Дык калі яны наеліся, кажа Ісус Сімону Пётры: «Сімоне Ёнаў, ці любіш Мяне больш за гэтых?» Кажа Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму Ісус: «Пасі ягнятак Маіх».16 Кажа яму ў другі раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Гаворыць Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
17 І кажа яму ў трэці раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Засмуціўся Пётра, што ўжо ў трэці раз сказаў яму: «Ці любіш ты Мяне?», дык кажа Яму: «Госпадзе, Ты ўсё ведаеш. Ты разумееш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх. 18 Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, падпяразваўся сам і хадзіў, куды сам хацеў, а як састарэеш, выцягнеш рукі твае ды хто іншы цябе падпяража і павядзе туды, куды ты не хочаш».
19 А гэта сказаў, паказваючы, якою ён смерцю праславіць Бога. Ды, гэта сказаўшы, кажа яму: «Ідзі за Мной!» 20 Пётра, азірнуўшыся, убачыў таго вучня, якога Ісус любіў, ідучага за ім, які на вячэры прытуляўся да грудзей Яго і сказаў: «Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдае?»
21 І, калі ўбачыў яго Пётра, то кажа Ісусу: «Госпадзе, а ён што?» 22 Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной».
23 Разышлася тады гэтая вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму: «Не памрэ», а толькі: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?» 24 Дык вось той вучань, які сведчыць пра гэта, і напісаў гэта, і мы ведаем, што сведчанне яго праўдзівае. 25 Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але каб усё запісаць падрабязна, дык, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія меліся б быць напісаны. Амін.
Евангелле паводле Яна Раздзел 21: 1 – 25
Яго Сыход на нябёсы
Дзеі святых Апосталаў Раздзел 1:1 – 11
1 Перш, што праўда, стварыў я аповед, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і чаму навучаць 2 аж да дня, у які быў узяты у неба, даўшы даручэнні праз Духа Святога Апосталам, якіх Ён выбраў. 3 Пасля пакуты Сваёй даў Ён ім многа доказаў, што Ён жывы, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды прамаўляючы пра Валадарства Божае.
4 І, сабраўшы іх, загадаў ім не выходзіць з Ерузаліма, але чакаць абяцання Айца: «Аб чым вы чулі ад Мяне, 5 што Ян хрысціў вадою, а вось, вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Святым». 6 Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраны, кажучы: «Госпадзе, ці не ў гэты час адновіш царства Ізраэля?» 7 Ён жа сказаў ім: «Не ваша справа ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец Сваёй уладаю,
8 але калі атрымаеце моц ад сышоўшага на вас Духа Святога, тады будзеце Мне сведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па край зямлі». 9 І, калі гэта сказаў, на вачах іх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй. 10 Калі яны так углядаліся ў неба, як Ён падымаўся, вось, два мужы ў белых шатах паўсталі каля іх,
11 і сказалі яны: «Мужы галілейскія, чаго стаіце, углядаючыся ў неба? Гэты Ісус, Які ўзяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго, што ўзыходзіць у неба».
Дзеі святых Апосталаў Раздзел 1: 1 – 11